ВЫСО́КАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 17—18 ст. у г. Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Замак з землянымі ўмацаваннямі і бастыёнамі пабудаваны ў сярэдзіне 17 ст. на высокім беразе р. Пульва, якую падперлі плацінай і стварылі штучнае абвадненне. З усіх бакоў яго акружала вада. Цераз шырокі стаў да ўязной вежы-брамы быў перакінуты пад’ёмны мост. На вял. замкавым дзядзінцы стаялі драўляны палац і гасп. будынкі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Высокаўскі замак моцна пацярпеў, але потым быў адноўлены. Захаваліся земляныя валы і брама замка.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

М.А.Ткачоў.

т. 4, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)